Дзяржаўная сімволіка

Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь

06 12 2022 30

Прававое рэгуляванне, парадак выкарыстання і апісанне дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь».


Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

06 12 2022 31

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з двух гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй - чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй - зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга.

Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні - 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.

Пры цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца з наканечнікам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Наканечнікі вырабляюцца з металу жоўтага колеру.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь падымаецца або ўстанаўліваецца:

  • на будынку рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - пастаянна;
  • на будынках Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь - пастаянна;
  • на будынку Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь - пастаянна;
  • на будынках органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь - пастаянна;
  • на будынках судоў Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў - пастаянна, а над будынкамі, у якіх праводзяцца пасяджэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, - на час правядзення пасяджэнняў;
  • на будынках, тэрыторыях і сродках перамяшчэння дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, на будынках гандлёвых устаноў Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, на марскіх судах і іншых сродках перамяшчэння, на якіх у якасці афіцыйных асоб знаходзяцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь або іншыя асобы, якія прадстаўляюць Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь або Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, - у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
  • у памяшканнях для галасавання — у дні выбараў і рэферэндумаў;
  • у вайсковых часцях Рэспублікі Беларусь згодна з вайсковымі статутамі;
  • на пагранічных заставах і прапускных пунктах (мытнях) Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь;
  • на марскіх судах, судах рачнога флоту, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь;
  • на спартыўных арэнах - падчас правядзення чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь, міжнародных спартыўных спаборніцтваў з удзелам нацыянальных зборных і падчас узнагароджання беларускіх спартсменаў - пераможцаў міжнародных спаборніцтваў;
  • на іншых аб'ектах па распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па рашэннi Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
  • Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь можа быць узняты таксама на цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі і грамадскімі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, падчас народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

герб

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну. Вянок тройчы перавiты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».

У 2021 годзе адбылося абнаўленне герба Рэспублікі Беларусь на падставе закона №83-З «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь». Змены наступныя: трохі іншая зорка, каляровае афармленне, глобус «павярнулі» на захад — відаць больш Еўропы.

Выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь змяшчаецца:

  • на будынку рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на будынках палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, на будынках мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на будынках дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, гандлёвых устаноў Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой; у памяшканнях шэрагу іншых дзяржаўных устаноў;
  • на пячатках і бланках дакументаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента, Урада, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў Рэспублікі Беларусь і г.д.;
  • на каштоўных паперах, аблігацыях, паштовых марках і латарэйных білетах Рэспублікі Беларусь;
  • на пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама на дыпламатычных і іншых замежных пашпартах, якія выдаюцца грамадзянам Рэспублікі Беларусь;
  • на пагранічных слупах, што ўстанаўліваюцца на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, а таксама ў пунктах пропуску праз яе.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь прадстаўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ў выпадках, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Словы М.Клімковіча, У.Карызны
Музыка Н.Сакалоўскага

Мы, беларусы - мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў - сіла народаў -
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны - радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Праслухаць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Спампаваць гімн.mp3

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь выконваецца:

  • пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пасаду - пасля прынясення ім Прысягі;
  • пры адкрыцці і закрыцці сесій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • падчас афіцыйнай цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і іншых афіцыйных дзяржаўных цырымоній;
  • падчас правядзення цырымоній сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў, парламентаў і ўрадаў замежных дзяржаў, якія наведваюць Рэспубліку Беларусь з афіцыйнымі візітамі;
  • пры афіцыйных цырымоніях ускладання вянкоў кіраўнікамі замежных дзяржаў, парламентаў і ўрадаў;
  • пры правядзенні воінскіх рытуалаў – у адпаведнасці з агульнавоінскімі статутамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь;
  • пры афіцыйных цырымоніях падчас спартыўных спаборніцтваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі - у адпаведнасці з правіламі арганізацыі гэтых спаборніцтваў.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь можа выконвацца:

  • пры адкрыцці помнікаў, памятных знакаў і іншых збудаванняў, прысвечаных знамянальным падзеям у жыцці Рэспублікі Беларусь, у гонар знакамітых дзяржаўных, палітычных, грамадскіх і ваенных дзеячаў, народных герояў, дзеячаў навукі, мастацтва і культуры;
  • пры адкрыцці і закрыцці ўрачыстых сходаў, прысвечаных дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь;
  • падчас урачыстых сходаў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі;
  • грамадзянамі падчас народных, працоўных, сямейных свят і іншых урачыстых мерапрыемстваў пры забеспячэнні неабходнай павагі да Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь транслюецца дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі кампаніямі:

  • штодня ў пачатку і перад заканчэннем вяшчання, а пры кругласутачным вяшчанні - у 6 гадзін і ў 24 гадзіны;
  • у навагоднюю ноч - пасля бою гадзіннiка ў 24 гадзіны.

Пры афіцыйным выкананні Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прысутныя слухаюць яго стоячы (мужчыны – без галаўных убораў, ваеннаслужачыя, іншыя асобы, для якіх прадугледжана нашэнне форменнага адзення, – у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь).

Выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь пры правядзенні Рэспублікай Беларусь афіцыйных мерапрыемстваў на тэрыторыі замежных дзяржаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі, усталяванымі Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, законамі, правіламі і звычаямі дзяржавы знаходжання.


Сімволіка

Герб і сцяг г. Мінска заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2012г. № 326 «Аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў горада Мінска»

06 12 2022 33


Герб горада Мінска ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога знаходзіцца выява Прачыстай Дзевы Марыі, якая стаіць на срэбным воблаку, з паднятымі рукамі ў бласлаўляльным жэсце ў вопратцы чырвона-сіняга колеру, якую справа і злева падтрымліваюць два анёлы, якія стаяць на каленях, у срэбнай вопратцы са срэбнымі крыламі. З двух бакоў над галавой Маці Божай параць два херувімы са срэбнымі крыламі. Над галовамі Маці Божай, анёлаў і херувімаў - залатыя німбы.

Палажэнне аб гербе г. Мінска, спампаваць герб: cdr, 148 kb, gif, 44 kb


06 12 2022 34

Сцяг горада Мінска ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:1,5, у цэнтры асабовага боку якога знаходзіцца выява Прачыстай Дзевы Марыі, якая стаіць на белым воблаку, з паднятымі рукамі ў бласлаўляльным жэсце ў вопратцы чырвона-сіняга колеру, якую справа і злева падтрымліваюць два анёлы, якія стаяць на каленях, у белай вопратцы з белымі крыламі. З двух бакоў над галавой Маці Божай параць два херувімы з белымі крыламі. Над галовамі Маці Божай, анёлаў і херувімаў - жоўтыя німбы.

Палажэнне аб сцягу г. Мінска, спампаваць сцяг: cdr, 124 kb, gif, 60 kb


Гімн г. Мінска зацверджаны рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24.10.2001 №207 «Аб гімне горада Мінска - сталіцы Рэспублікі Беларусь»

ПЕСНЯ ПРА MIHCK

Словы I. Панкевiча
Музыка У. Алоўнiкава

Краса беларускага краю
I творчае думкi ўзлет,
Табе сваю песню складаю,
Мой горад герой-патрыёт.

Прыпеў:

Хай удалеч песня мчыцца
Над краiнай дарагой,
Ты спявай, мая сталiца,
Родны сэрцу горад мой.

I паркi твае, i бульвары
Люблю я вячэрняй парой.
Паўсюль закаханыя пары
I шэпат, i смех над ракой.

Прыпеў.

Тваёй ганаруся я славай,
I рады я шчырай душой,
Што ў гэтай красе велiчавай
Ёсць доля i працы маёй.

Прыпеў.

Спампаваць гімн, mp3, 2,13Мб.

Палажэнне аб гімне г. Мінска


Статут горада Мінска: MS Word, 196 Кб, архіў zip, 36 Кб